Дыктанты па беларускай мове 4клас

4 клас
№3            Вогненны лётчык
    Ішоў пяты дзень вайны. Вораг лютаваў. Гарэлі гарады і вёскі. Капітан Мікалай Гастэла атрымаў заданне разбамбіць танкавую калону фашыстаў. З аэрадрома ўзляцелі самалёты. Па шашы павольна паўзла калона нямецкіх танкаў. На іх пасыпаліся бомбы. Цяжкае заданне было выканана. Але полымя ахапіла самалёт. Заставалася  адно імгненне на роздум. Мікалай Гастэла накіраваў палаючы самалёт на варожыя танкі.
   Да помніка мужнаму экіпажу людзі часта прыносяць кветкі. (65)


№2               Чароўнае возера Нарач
  Возера Нарач лічыцца жамчужынай Беларусі. Чыстае неба адбіваецца ў яго празрыстай вадзе. Сонца цэлымі днямі пазірае ў нарачанскае люстра. Начамі ў ім любуюцца на сябе зоркі. Бераг возера вартуюць сосны. Майскімі днямі каля Нарачы кукуюць зязюлі. Шмат каля возера салаўёў. Як яны любяць спяваць у маі! Цудоўныя мелодыі іх спеваў пералятаюць праз усю Нарач. 
    Хто хоць раз пабываў на возеры Нарач, той палюбіць яго на ўсё жыццё. (69)

№1                       Казка пра парасон
   Летам доўга стаяла спякотнае надвор'е. А дома сумаваў парасон. Ён кожны дзень чакаў дожджыку. Аднойчы змарыў яго салодкі сон. У сне і здарыліся з парасонам дзіўныя прыгоды. Быццам выскачыў ён праз адчыненае акно на падворак. Вецер падхапіў яго і памчаў па свеце. Прызямліўся падарожнік на грыбную палянку. Як многа парасончыкаў убачыў ён побач. 
І тут парасон прачнуўся. На вуліцы пачынаўся дождж. Нарэшце парасон спатрэбіцца свайму гаспадару. (69)
3 клас
№5                      Раніцай
   У небе ўспыхнуў першы прамень сонца. Начная цемра хаваецца ў лістоту дрэў. Выбягаюць зялёныя яшчаркі. Яны міргаюць соннымі вочкамі.
   Закружыліся залацістыя пчолы. Яны прагна п'юць салодкі сок. У кустах скачуць вясёлыя чыжы. Ластаўкі і стрыжы носяцца ў паветры. У небе заспяваў жаваранак. Яго спеў абуджае ўсё наваколле.


№4                    Каля ракі
     На бераг рэчкі выйшаў стары бабёр. Сеў на хвост і заднія лапкі. Потым патачыў зубкі аб тоўстую лазіну і пачаў грызці маладыя парасткі. 
   Раптам пачуўся шум. Гэта казуля прыбегла да рэчкі. Бабёр хуценька нырнуў у ваду і схаваўся ў сваёй хатцы. 
    Казуля доўга не затрымалася. Яе спалохаў тупат лася.

Растлумачыць значэнне: парасткі.
Папярэдзіць пра напісанне: не затрымалася (раздзельна не з дзеясловам)

№3                   Лясны доктар
   На ўскрайку лесу расла старая сасна. Сырой восенню сасна захварэла. Пачала жоўкнуць. Перад зімой ёй стала яшчэ горш. Доўга раіліся лясныя жыхары і вырашылі запрасіць дзятла на дапамогу. 
    Пачысціў дзяцел нос і пачаў лячыць дрэва. Працаваў ён цэлымі днямі. Хутка ўсіх   караедаў   з-пад кары падаставаў. Сасне адразу стала жыць лягчэй. Яна радасна зашумела.  



№2                                        Расказ лася 
   Аднойчы я цяжка захварэў. Грыз кару, еў хваёвую ігліцу, балотную траву. Але нічога не дапамагала. Сілы сталі пакідаць мяне. Тады стары лось параіў мне з'есці мухамор. Гэты ядавіты грыб вылечыў ад цяжкай хваробы. Да мяне вярнулася былая моц. 
    Не тапчыце мухаморы нагамі! Не збівайце іх шапачкі палкамі! Застаўце іх для дзікіх жывёл.

Растлумачце словы: параіў, былая моц.
Папярэджвайце пра коскі, пра правапіс не з дзеясловам (пішацца раздзельна).

№1                                              На мастку
        Толік спыніўся на мастку цераз рэчку.  Хлопчык схіліўся над празрыстай вадой. Ён убачыў цэлы свет дзівосаў і таямніц. На даўжэзных нагах бяжыць па вадзе жук-плывунец. Жменька печкуроў жывым срэбрам рассыпалася вакол шэрага каменя. Іх напалохаў акунь. Паласаты разбойнік лёгкім ценем мільгануў у зарасніку асакі. Толік не мог назіраць за паляваннем. Трэба было спяшацца ў школу.

Растлумачыць значэнне слоў : печкуры , асака, акунь
Папярэдзіць пра напісанне: жук-плывунец (праз злучок) 

Комментариев нет:

Отправить комментарий